Найбольш каштоўныя экспанаты
Крамянёвае рубіла (неаліт)
Інвентарны № 00038
Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г.
Захаванасць няпоўная
Было перададзена ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат быў знойдзены ў вёсцы Сурвілішкі Іўеўскага раёна мясцовым жыхаром Бартасевічам Аляксандрам у 1989 годзе
Крамянёвае рубіла - прылада працы першабытнага чалавека, распаўсюджаная па ўсёй Беларусі ў эпоху палеаліту. Камень міндалевіднай формы, аббіты сколамі з двух бакоў, патоўшчаны і закруглены ў аснове і завостраны з другога канца. . Ручное рубіла было першым вынаходніцтвам старажытнага чалавека, значна палегчыўшае яму жыццё. Пры дапамозе рубіла можна было расціраць і здрабняць раслінную ежу, аддзяляць карані і галінкі, забіваць дробную жывёлу. Яно прадстаўляла ўніверсальную прыладу з мноствам розных функцый. Крэмень шырока выкарыстоўваўся для атрымання агню. Старажытным чалавекам выкарыстоўваліся для вырабу зброі і бытавых прадметаў (наканечнікі стрэл, крамянёвыя нажы)
Мікраліты (неаліт)
Інвентарны № 00042
Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г.
Захаванасць няпоўная
Было перададзена ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат быў знойдзены ў вёсцы Трабы настаўніцай гісторыі Трабскай СШ Астрэйка Н.М. у 1987 годзе
Мікраліты (грэч. mіkrоs малы, маленькі + lіthos камень) - дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку, пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для мікралітаў служылі невялікія (5—30 мм) крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам крутога рэтушавання іх краёў. Сярод мікралітаў вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм (сегменты, трохвугольнікі, прамавугольнікі, трапецыі), мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. Мікраліты звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рагавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў; з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы.
Каменная баявая сякера (бронзавы век)
Інвентарны № 00040
Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г.
Захаванасць няпоўная
Была перададзена ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат быў знойдзены ў вёсцы Трабы вучнем Трабскай СШ, мясцовым жыхаром Сцефаноўскім Веславам у 1989 годзе
Сякера - шырока распаўсюджаны прадмет, які кожны апазнае імгненна.. Першыя сякеры выраблялі яшчэ да каменнага стагоддзя з выкарыстаннем драўлянага сякерышча і каменнай сякеры. Сякера мела добрую прабіўную здольнасць. Аднак у стаўленні да старажытных відаў немагчыма пэўна сказаць, была яна выраблена для гаспадарчых патрэб альбо вайны. Сякеры звычайна служылі для абедзвюх мэт. Каменная сякера вядома з часоў палеаліту. Уяўляе сабой завостраны камень з правушынай у сярэдняй, больш тоўстай частцы, у якой трывала замацоўваўся канец драўлянай ручкі.
Прасліца (ХІХ ст.)
Інвентарны № 00041
Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г.
Захаванасць няпоўная
Была перададзена ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат быў знойдзены ў вёсцы Сенкенята вучнем Трабскай СШ, мясцовым жыхаром Кізін Аляксеем у 1989 годзе
Прасліца (прасёлка, прасельца) - гліняны або каменны грузік з адтулінай у цэнтры, які насаджвалі на верацяно, каб павялічыць інерцыю яго вярчэння. Звычайна прасліцы былі шаравіднай ці грушавіднай формы, упрыгожаныя нескладаным арнаментам або, радзей, надпісамі. З'явіліся ў час позняга неаліту з узнікненнем прадзення і ткацтва.
Сашнік (нарог сахі) ( І палова ХХ ст.)
Інвентарны № 00069
Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г.
Захаванасць няпоўная
Было перададзена ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат быў знойдзены на дзядоўскай сядзібе ў вёсцы Трабы мясцовым жыхаром Смушко Паўлам у 2000 годзе
Сашнік - прыстасаванне для сахі, традыцыйнай ворнай прылады. Жалезны сашнік вядомы з канца 1-га тысячагоддзя. У рабочым стане левы падобны на пяро сашнік (верхавы нарог) падразаў пласт зямлі збоку, а правы сіметрычны (ральнік) падымаў яго знізу, адвальваючы пры дапамозе паліц на правы бок.
Жорны (у начоўках) ( ІІ палова ХІХ ст.)
Інвентарны № 00266
Акт прыёму № 35 ад 12.05.2009г.
Захаванасць няпоўная
Былі перададзеныя ў музей Шыдлоўскім Аляксандрам Міхайлавічам у 2009 годзе. Дадзены экспанат належыў сям’і Шыдлоўскіх з вёскі Кавалі.
Жорны - прылада, якая з глыбокай старажытнасці прымянялася для памолу зерня. Гэта - ручны млынок, зроблены з дрэва і каменя. Складаецца з двух каменных дыскаў дыяметрам 35 –50см., таўшчынёй 10 – 13 см., што ставіліся ў скрынку альбо вялікія начоўкі . Каб мука лепш ссыпалася, паверхня ніжняга каменя зроблена крыху выпуклай, а верхняга увагнутай, рабочая паверхня мае насечкі для лепшага размолу. У верхнім камені зроблена адтуліна, куды засыпаецца зерне, ён мацуецца, падымаецца і апускаецца пры дапамозе паўпрыцы – жалезнай крыжавіны, што круціцца на шпяні, замацаваным у ніжнім, больш цяжкім камені. Камень прыводзіць у рух даўгаватая круглая жэрдачка, верхні канец якой устаўляўся ў бэльку ці прыбіты да сцяны, а ніжні – у жалезную скабу на краі верхняга каменя.
Патэфон ( І палова ХХ ст.) Інвентарны № 00011 Акт прыёму № 1 ад 10.09.2005г. Захаванасць няпоўная Перададзены ў музей з школьнага краязнаўчага пакоя. Дадзены экспанат належыў сям’і Станчыкаў з вёскі Сурвілішкі. Перададзены Станчыкам Валянцінам у 1987 годзе Патэфон - механічнае прыстасаванне для прайгравання грамафонных кружэлак (пласцінак). у якасці прыводу выкарыстоўваецца пружынны рухавік, а гукаўзмацняльнік знаходзіцца ўнутры корпуса. Аднаго заводу пружыны хапала на прайграванне адной кружэлкі. Гук дастаткова моцны, але якасць невысокая: гук хрыплы, з моцнымі скажэннямі. Якасць гуку залежыла ад якасці іголкі. Аппарат мае форму чамаданчыка, пераносіцца ў закрытым выглядзе. .
Кош ( І палова ХХ ст.) Інвентарны № 00135 Акт прыёму № 36 ад 03.04.2010г. Захаванасць няпоўная Быў перададзены ў музей мясцовым жыхаром вёскі Пазнякі Гурын Аляксандрам. Дадзены экспанат належыў сям’і Гурынаў. Кашы - плеценыя ёмістасці для захоўвання мясных прадуктаў (сала, каўбас, вяндліны). Кашы рабілі з лазы, сасновай, радзей дубовай дранкі, каранёўхваёвых дрэў, ліпавай і бярозавай кары,саломы,рагозу. прутоў. Кашы мелі паўкруглую (паўшаравідную) форму, закрываліся зверху паўкруглымі дзверцамі. Звычайна такія кашы абгортвалі палатном і падвешвалі да бэлькі ў каморы ці на гарышчы
Ручнік ( ІІ палова ХІХ ст.) Інвентарны № 00479 Акт прыёму № 41 ад 15.09.20010. Захаванасць поўная Быў перададзены ў музей Касцечка Леанардай, жыхаркай вёскі Трабы. Дадзены экспанат быў сатканы яе бабуляй у 1986 годзе. Ручнік - прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага дэкаратыўнага і утылітарнага прызначэння. Ручнікамі – набожнікамі прыбіралі абразы. Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, радным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на ручніках апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. Хадунок ( І палова ХХ ст.) Інвентарны № 00136 Акт прыёму № 37 ад 20.04.2010г. Захаванасць няпоўная Быў перададзены ў музей Астрэйка Нінай Міхайлаўнай. Дадзены экспанат належыў сям’і Астрэйка з вёскі Князікоўцы. Хадунок - прыстасаванне, пры дапамозе якога дзеці вучыліся хадзіць. Гэта - шост, які свабодна ўстаўляецца ў бэльку пад столлю і ў падлогу. На вышыні 60-80 см ад падлогі (у залежнасці ад росту дзіцяці) да яго гарызантальна прымацаваны абруч з тонкай ляшчыны, ці ядлоўцу. У абруч ставіцца дзіця, якое ходзіць па крузе.