"С к а р б н і ц а"
Фолк-гурт арганізаваны, як калектыў са спеўнай, музычнай, народна-абрадавай, танцавальнай і тэатральнай дзейнасю, што існуюць як другасная форма фальклору і адначасова выконваюць рэкрэатыўную функцыю. Для таго, каб як мага шырэй распаўсюдзіць песні, гульні і танцы нашых продкаў, мы выкарыстоўваем новыя, інтэрактыўныя формы работы – не статычны канцэрт, а гульнявую забаўляльную праграму.
Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прымаюць удзел у гульнявой забаўляльнай праграме. Яны ладзяць карагоды, вясёлыя гульні і забавы, і такім чынам усведамляюць, як праходзілі абрадавыя святы ў нашых продкаў, далучаюцца да багатай спадчыны свайго народа, да роднай мовы, да меладычных і прыгожых беларускіх песняў.
Народныя святкаванні – гэта адметныя абрадавыя дзеянні, варажба, павер’і, ігрышчы, карагоды, песні і паданні. Трэба сказаць, што з часам змяняюцца некаторыя рысы свят. Але аўтэнтычнасць некаторых народных свят ў Трабах захавалася. Гэта і калядныя песні на польскай мове, і купальскія вянкі, і ігрышчы.
Звонкі смех, усмешкі на тварах, захапленне гульнёй і варажбой – успамін аб такім баўленні часу, можна не сумнявацца, застанецца ў памяці вучняў надоўга.